Сетка: як Расія стварае ў Беларусі рэгіянальныя сайты на базе аўтараў з «Румола» і НОДа 

20.05.2018 / 21:05

Мы заўважылі, што адначасова ў некалькіх абласных гарадах з’явіліся сайты, якія мімікруюць пад лакальныя навінавыя рэсурсы. Усе яны не маюць уласных інфармацыйных матэрыялаў, а толькі перастаўляюць навінавы кантэнт іншых СМІ. Пры гэтым ува ўсіх іх чужы кантэнт у пэўнай прапорцыі разбаўляецца «аналітыкай» антыбеларускага ды антызаходняга зместу.

Мы сталі шукаць, хто выдае гэтыя рэсурсы. Аказалася, усіх іх аб’ядноўвае і тое, што ніякіх канктактаў і персаналізацыі ўласніка сайта няма. Пры спробе праверыць даменнае імя сайта высвятляецца, што яно зарэгістравана ў Расіі праз сэрвіс, які за грошы дазваляе хаваць імя ўладальніка. 

Ёсць і яшчэ некалькі супольных рысаў. Усе яны актыўна праводзяць рэкрутынг падпісантаў у сацыяльных сетках у пэўным рэгіёне. Аналітыку для іх пішуць актывісты «Румола» і Национально-освободительного движения. І, з паглыбленага аналізу, вынікае, што за ўсімі гэтымі сайтамі стаяць сродкі з расійскіх фондаў. 

Першым сярод іх утварыўся рэсурс з красамоўнай назвай «Наш Гомель», які знаходзіцца па адрасе sozh.info.

Праверка адраса паказвае, што рэгістрант сайта знаходзіцца ў Расіі і не хоча афішаваць сваё імя.

Наведвальнасць рэсурсу можна ацаніць праз параўнанне з іншымі гульцамі на рынку, якіх у Гомелі некалькі. 

— Прыватны беларускі рэсурс «Моцныя навіны» — 3,2 млн праглядаў старонак сайта за красавік 2018 года паводле SimilarWeb. 

— Сайт дзяржаўнай газеты «Гомельская праўда» — 269 тысяч праглядаў старонак.

— Сайт дзяржаўнай газеты «Гомельскія ведамасці» 106 тысяч праглядаў старонак;

— Сайт «Наш Гомель» — 346 тысяч праглядаў старонак. Больш, чым дзяржаўныя рэсурсы, але менш, чым «Моцныя навіны». 

(Адзначым таксама сайт «ПраГомель», які мае мінімальную долю ўласных матэрыялаў. Але ягоны ўладальнік — Максім Шалянок, запэўніў нас, што пакуль сайт працуе ў тэставым рэжыме, бо чакае афіцыйнай рэгістрацыі.) 

Такім чынам мы бачым, што рэсурс невядомай прыналежнасці хаця і не выглядае канкурэнтам незалежнаму сайту, але ўжо мае наведвальнасць сувымерную з двума дзяржаўнымі сайтамі разам узятымі і па папулярнасці займае другое месца ў рэгіёне. 

Каля паловы трафіку ідзе на сайт з сацыяльных сетак — суполкі УКантакце (5800 удзельнікаў), «Аднакласнікаў» (5000 удзельнікаў), Фэйсбука (2 тысячы ўдзельнікаў). 

Дзённая наведвальнасць — каля 6 тысяч «унікальных», паводле Google Analitycs. 

Сайт пачаў працаваць у сакавіку 2016 года.

Сайты «Віцьбіч» і «Берасце News», якія працуюць на Віцебск і Брэст адпаведна, але створаны яны значна пазней (2018 год) і пакуль іх папулярнасць у зоне пагрэшнасці. 

Асабняком у гэтым шэрагу стаіць Магілёў, дзе прарасійскім сайтам з'яўляецца «Магілёў.бай». 

«Нягледзячы на забарону ўладаў, у Мінску адбыўся «Несмяротны полк», «Як правільна насіць георгіеўскую стужку», «Беларускія карнікі на Данбасе даўно не паміралі», «Нацыяналісты ва ўгары» — тыповыя публікацыі на згаданых рэсурсах, якія разбаўляюць нейтральныя інфармацыйныя матэрыялы. Імёны іх аўтараў лёгка гугляцца. Юлія Чырва ўсплывала як прэс-сакратарка Национально-освободительного движения і аўтарка партала sobor.by. Дзмітрый Перс — не толькі аўтар Politring.com і Mogilev.by, Imhoclub.by, Belvpo.com, але і намеснік кіраўніка «Румола». Дзмітрый Ісаёнак — аўтар таксама на Sonar2050.org і Teleskop-by.org, — іншых сайтаў, што выдаюць сябе за беларускія, але існуюць у расійскіх ланцужках. І гэтак далей.

Адкуль ногі растуць? 

Імпульсы, у выніку якіх ствараюцца такія мясцовыя сайты, не заўсёды лёгка адсачыць.

У 2015 годзе ў Смаленску прайшла непрыкметная канферэнцыя беларускіх і расійскіх дзеячаў, на якой упершыню прагучала думка аб «неабходнасці стварэння стратэгіі інфармацыйнай бяспекі «Саюзнай дзяржавы», у падмурак чаго мусяць легчы традыцыйныя каштоўнасці і супольныя культурныя звычаі». 

Смаленская канферэнцыя 2015 года.

Арганізатарамі тады выступілі «Агенцтва аналізу інтэграцыйных ініцыятыў», Аналітычная асацыяцыя Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы і мясцовыя ўлады Смаленска.

З беларускага боку ўдзел бралі збольшага навукоўцы. 

У прыватнасці, прарэктар на навуковай рабоце Магілёўскага дзяржуніверсітэта Аляксей Іваноў тады прапаноўваў сінхранізаваць універсітэцкія праграмы краін, бо «трэба арыентавацца на фарміраванне супольнага культурнага поля Расіі і Беларусі, адзінай базы даных, вобразаў і сімвалаў, якія выклікаюць у расіян і беларусаў падобныя інтэлектуальныя і эмацыйныя рэакцыі». 

Лейтматывам стала думка, што «Захад атакуе каштоўнасці Расіі і Беларусі», а ў выніковай рэзалюцыі круглага стала прапаноўвалася «развіваць даследаванні формаў міжкультурнай камунікацыі прыгранічных рэгіёнаў РБ і РФ, ствараць інфармацыйныя парталы, ролікі і фільмы, якія транслююць агульныя падыходы ў культурна-гістарычнай сферы і супрацьдзейнічаюць распаўсюду нацыяналістычных настрояў сярод моладзі». 

У 2016-м годзе на базе таго ж СмалДУ быў створаны цэнтр вывучэння беларуска-райсійскага памежжа, запрацавала праграма «Рэалізацыя трансгранічнай інфармацыйнай палітыкі», у рамках якой, пры падтрымцы смаленскіх уладаў, запрацаваў сайт «Расійска-беларускае інфармацыйнае агенцтва», якое пераважна піша пра тры ўсходнія вобласці Беларусі і дзве заходнія вобласці Расіі. 

Піша ў даволі тэндэнцыйным, прарасійскім ключы, але ў выніку ад актыўнага прасоўвання гэтага агенцтва стваральнікі адмовіліся, абраўшы іншы кірунак.

У красавіку 2017 года спачатку ў Гомелі, а потым у Смаленску прайшоў моладзевы форум «Беларусь і Расія: супольная культурная спадчына», дзе сярод спікераў быў, у прыватнасці, Кірыл Авер'янаў — дзеяч шавіністычнага толку, якому забаронены ўезд у Беларусь. 

Ён даволі шчыра і з мінімальнымі ўтойваннямі прадэклараваў намеры арганізатараў: «Апроч Фонду «Народнай дыпламатыі» у Беларусі, па сутнасці, ніхто не працуе ў кірунку прасоўвання расійскай «мяккай сілы». Мы сканцэнтраваныя на культурна-асветніцкай дзейнасці, выдаём кнігі і працуем з экспертнай супольнасцю. Мы сфарміравалі клуб беларуска-расійскіх экспертаў, якія ствараюць станоўчы інфармацыйны парадак, адстойваюць інтарэсы інтэграцыі дзвюх краін, выступаюць у СМІ. Асноўная мэта моладзевага форуму — прыцягнуць аўдыторыю да сюзнага будаўніцтва», — сказаў Авер'янаў таму самаму «Расійска-беларускаму інфармацыйнаму агенцтву».

У хуткім часе смаленскі «Цэнтр інтэграцыйных ініцыятыў» атрымаў грант прэзідэнцкага фонду Расіі, каб працаваць мэтава з прадстаўнікамі беларускіх СМІ, блогерамі і бізнэсам. 

Гэтую задачу на сябе ўзяў «Смаленскі цэнтр развіцця журналістыкі», у 2018 годзе ўзнік яшчэ адзін праект для блогераў — «Медыяплатформа». 

Глянем на іх актыўнасць. Напачатку 2018 года ў Смаленску арганізаваны «Клуб маладых экспертаў па памежжы», куды былі запрошаныя шэраг беларусаў, у асноўным — студэнтаў з усходу Беларусі. 

Сімвалічна, што на першую сустрэчу з лекцыяй прыехаў расійскі прапагандыст Уладзімір Ляпёхін — сябра Зіноўеўскага клуба «Расія сёння», вядомы сваімі матэрыяламі пра «герояў Данбаса». 

Уладзімір Ляпёхін.

Лекцыю ён чытаў адпаведную — пра інфармацыйныя войны, а таксама «раскрываў таямніцы сусветнай геапалітыкі». 

На аналагічныя лекцыі ў Смаленск масава пачалі запрашаць супрацоўнікаў дзяржаўных газет Оршы, Гомеля, Магілёва і драбнейшых гарадоў рэгіёна. Запрашаліся і дробныя чыноўнікі. А ў Віцебску мясцовая газета з «Агенцтвам інтэграцыйных ініцыятыў» ўвогуле падпісала «дамову аб супрацоўніцтве». 

Уплыў такіх семінараў на мазгі ўдзельнікаў дазваляе ацаніць эвалюцыя асобна ўзятага гомельскага блогера Яўгена Валодчанкі. 

Малады чалавек, адчуваючы прагу дзяліцца з гэтым светам уражаннямі, у 2016 годзе пачаў весці ютуб-канал, куды заліваў нейтральныя відэа, кшталту справаздач з Добрушскага святкавання «Дня моладзі», дабрачынных акцый і азотных шоу

Гомельскі падлетак у 2016 годзе, да ўдзелу ў «інтэгратарскіх» праектах. Фота з сацсетак. 

Пасля таго як блогера заўважалі са Смаленска і сталі туды запрашаць, ягонае светаўспрыманне рэзка мяняецца. 

У сваіх відэа ён пачынае супрацьпастаўляць беларускую мову рускай, факусуе ўвагу на вайне ў Сірыі, а таксама абвінавачвае іншых гомельскіх блогераў. 

Валодчанка ўступае ў «Румол» — арганізацыю рускіх нацыяналістаў у Беларусі, якой кіруе Сяргей Лушч. 

Чытайце таксама: Ад неанацызму і змагання з «юда-хрысціянскай акупацыяй» да студыі Давыдзькі: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча

Цяпер Валодчанка здымае відэаапытанкі для таго самага сайта «Наш Гомель». 

Яўген Валодчанка на альтэрнатыўным маршы «Несмяротны полк» у Мінску. 

Цікава, што пачатак работы гомельскага хлопца на расійскі праект супаў па часе са стартам работы брэсцкага сайта «Берасце News» — супадзенне ці павелічэнне фінансавання «з цэнтра»? 

Хто ж кіруе «Нашым Гомелем»? 

З дапамогай спецыяльных інструментаў мы выявілі адміністрацыю прынамсі суполкі сайта «УКантакце» — кіраўніком аказалася Таццяна Сыч. 

Высветлілася, што яна — актыўная ўдзельніца семінараў па лініі «Цэнтра інтэграцыйных ініцыятыў» для журналістаў. 

Яе муж Андрэй Сыч — таксама актывіст «Румола». 

Андрэй Сыч справа, цяпер ён «намеснік кіраўніка «Румола» у Гомелі. На фота: раздача георгіеўскіх стужак.

Выглядае, што асноўная работа «інтэгратараў» са смаленскага цэнтра вядзецца праз грамадскія аб'яднанні. У прыватнасці, пагадненне аб супрацы з «Цэнтрам інтэграцыйных ініцыятыў» мае магілёўскае сацыяльна-культурнае таварыства «Наследие». 

«Наследием» кіруюць супрацоўнікі магілёўскага «Беларуска-расійскага ўніверсітэта» — Ірына Хадкевіч і Віталь Арцёмчык. 

Фрагмент з тэлемоста «Унёсак моладзі Магілёва і Смаленска ў развіццё Саюзнай дзяржавы». У цэнтры сядзіць Сяргей Крупо — кіраўнік Россотрудничества ў Беларусі. 

Расійская сімволіка ўвогуле суправаджае дзейнасць «Наследия» паўсюль. Так было, напрыклад, на сёлетнім святкаванні Дня перамогі ў горадзе — дзе б яны ні з'яўляліся, тут жа ў руках людзей з'яўлялася сімволіка суседняй дзяржавы.

Афіцыйныя СМІ рэгіёна пасля актывізацыі дзейнасці расійскіх структур павялічылі інфармацыйнае суправаджэнне падобных «міжнародных» мерапрыемстваў. 

Цікавай таксама выглядае методыка наладжвання кантактаў расійскіх фондаў з беларускім бізнэсам. 

Як прыклад — спроба знаёмства з кіраўніцтвам «Вітэкса» пад выглядам «узнагароджвання за годнае месца па выніках апытання». 

Такі факс «Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў» паслала генеральнаму дырэктару «Вітэкс». 

Аналагічным чынам Расія дзейнічала ў Крыме і Данбасе, ствараючы і прасоўваючы арганізацыі, скіраваныя на размыванне нацыянальнай ідэнтычнасці. 

Юрыдычны аспект 

Сыходзячы з існага заканадаўства, работа ананімных сайтаў у Беларусі не забароненая. 

Як патлумачылі «Нашай Ніве» у Міністэрстве інфармацыі, такая сітуацыя захаваецца нядоўга.

«Калі рэдакцыя зменаў у Закон (у патрэбнай частцы) будзе прынятая без зменаў, то там будзе такі пункт аб неабходнасці ўладальнікаў інфрамацыйных рэсурсаў пакідаць свае дадзеныя, нават калі яны знаходзяцца не ў даменнай зоне.by. І будзе так, што калі ананімны сайт, які размяшчае інфармацыю пра Беларусь, не апублікуе звестак аб уладальніках, то мы зможам абмяжоўваць да яго доступ», — сказалі нам у Міністэрстве. 

Часнок у тэлескопе

Гаворачы пра сайты, якія кіруюцца людзьмі, што сябе хаваюць, і фінансуюцца з няясных крыніц, варта згадаць яшчэ некалькі. 

Мяркуючы па ўсім, грошы на іх работу выдаюцца «па іншай лініі», але з той жа самай скарбонкі. 

Напрыклад, «Часнок.бай» — рэсурс трымае ў фокусе Беларусь і піша толькі пра яе. Гэты сайт вядомы метадычным ачарненнем беларускай інтэлігенцыі ад Глеба Лабадзенкі да Святланы Алексіевіч. Рэсурс даволі спецыфічны, з выразным непрыманнем усяго беларускага, які, аднак, мімікруе пад беларускі сайт. 

Хто ж яго вядзе? 

Хаця сайт знаходзіцца ў даменнай зоне.by, уласнік сябе не афішуе. Праўда, яго асобу мы ўсё адно высветлілі — гэта расіянін Глеб Дзееў. 

Расіянін Глеб Дзееў вядзе сайт Чеснок.by.

Чалавек заблытанага лёсу, які прыканцы 90-х паспеў папрацаваць на шэрагу маскоўскіх радыёстанцый, быў вядучым «Рускага радыё». 

Потым захапіўся клубнай музыкай і стаў дыджэем, але пасля пажару, у якім загінуў яго сябар, сышоў у манастыр. 

З манастыра, аднак, ён выйшаў хутка і падаўся… у Адэсу працаваць там настаўнікам рускай мовы і літаратуры. 

Дзееў захапляецца шызоіднымі ідэямі «КОБ» — «Канцэпцыі грамадскай бяспекі». (Некалі мы ўжо пісалі пра прыхільнікаў «КОБа» — яны вераць у рэптылоідаў і «глабальны надіудзейскі прэдыктар», асобныя нават чытаюць лекцыі беларускім ідэолагам:

Чытайце: «З 1991 года наша краіна акупаваная». У інтэрнэт трапіла шакуючае ВІДЭА семінара для беларускіх ідэолагаў

Далей Дзееў вярнуўся ў Расію, стварыў сайт «Часнок.бай» пра Беларусь — хаця ў Беларусі быў усяго пару разоў, дый і тое па клубнай лініі, яшчэ дыджэем. 

Якая яму справа да нашай краіны? 

На гэтае пытанне «Нашай Нівы» Дзееў адказаў расплывіста: «Перад намі стаяць аднолькавыя выклікі», сваё кіраванне сайтам пацвердзіў. 

За вярбоўку журналістаў унутры краіны, якія згодныя пісаць на «Часнок» у патрэбным духу, адказвае шэраг апалагетаў «КОБа» у Беларусі. 

Фінансавая дзейнасць, пры гэтым, вядзецца даволі нязграбна — як расказала «Нашай Ніве» адна студэнтка журфака, якая ў маладосці напісала пару артыкулаў на «Часнок», ганарар пералічваецца наўпрост на карту без якой бы ні было дамовы. 

Яшчэ адзін сайт з гэтага ж шэрагу — «Тэлескоп». Пра гэты сайт можна расказаць у адным сказе: яго рэдагуе той самы згаданы вышэй Кірыл Авяр'янаў. 

Авяр'янаў адмовіўся ад беларускага грамадзянства і прыняў расійскае, што яскрава характарызуе і ідэалогію гэтага рэсурсу. Да рэдагавання ён прыцягнуў заходнерусіста-ветэрана Льва Крыштаповіча. 

Наведвальнасць «Тэлескопа» знаходзіцца ў зоне пагрэшнасці, але ўласнікі маюць грошы, каб праплочваць рэкламу ў сацыяльных сетках.

Чытайце таксама: Шпакоўскі, Дзермант і «быдло шкловское» — як беларускія дзеячы клянчылі грошы ў Расіі 

Варта адзначыць, што беларускіх патрыятычных арганізацый, кшталту ўмоўнай «Арт-сядзібы», у рэгіёнах Беларусі мала, сістэмнай дапамогі ім з боку дзяржавы няма.

Часам здаецца, што дзейнасць арганізацый тыпу «Румола» зводзіцца да раздачы георгіеўскіх стужак, а Цэнтры расійскай культуры і навукі абмяжоўваюцца прывозам расійскіх лектараў. Узнікненне ўсё новых інтэрнэт-сайтаў пэўнай скіраванасці паказвае, што не ўсё так ціха.

Арцём Гарбацэвіч