У Віцебску ў спаборніцтве інвалідаў удзельнічала «зборная ДНР»

На міжнародным турніры для спартоўцаў з парушэньнямі зроку, што прайшоў у Віцебску ў сакавіку, выступіла каманда з Данецку, якая пазіцыянавала сябе як «зборная ДНР», піша «Радыё Свабода».

02.04.2018 / 17:36

Турнір «Віцебская вясна — 2018» праходзіў у спартовай залі сярэдняй школы № 21. У спаборніцтвах па голболе (паралімпійскі камандны від спорту, дзе невідушчым трэба закінуць мяч у брамку супернікаў) удзельнічалі каманды зь Віцебску, Тулы, Каралёва Маскоўскай вобласьці і Данецку.

Калі арганізатары і мясцовыя мэдыя называлі данецкую каманду проста па назьве гораду, то самі спартоўцы прадстаўляліся як «зборная Данецкай народнай рэспублікі», фатаграфаваліся са сьцягам ДНР.

Гэтаксама каманду прадстаўлялі ў расейскай мэдыйнай прасторы.

«Я ў гэта ня лезу, я ведаю адну краіну — Украіну, — сказаў Аляксей Каравікоў, прадстаўнік арганізатараў турніру УП «Элект» (Беларускае таварыства інвалідаў па зроку). — Мы дамаўляліся проста з камандай з Данецку. У іх нават па вяртаньні былі нейкія праблемы з афармленьнем камандзіровак, бо ў нашых гатэлях Данецк жа пазначаецца як Украіна».

Міжнародныя спаборніцтвы па голболе Віцебск праводзіць ня першы раз. Арганізатары рассылаюць запрашэньні ва ўсе гарады, дзе ёсьць голбольныя каманды. На наступны раз віцябляне жадаюць запрасіць і каманды з Польшчы.