Навукоўцы стварылі вельмі праўдападобную рыбу-робата. Паглядзіце, як яна рухаецца! 

Навукоўцы з Масачусецкага тэхналагічнага ўніверсітэта зрабілі рыбу-робата, якая выглядае і рухаецца як звычайная жывая рыба. У артыкуле выдання Science Robotics гаворыцца, што робата можна выкарыстоўваць для назірання за марскімі насельнікамі ў натуральных умовах.

28.03.2018 / 21:33

Робарыба можа апускацца на глыбіню да 18 метраў, рухаючыся цалкам натуральна і не палохаючы змешчаных паблізу жывёл. Перасоўваецца яна з дапамогай гідраўлічнага хваста, які зроблены з двух камер: помпа падае ваду ў кожную з камер па чарзе, так што ўся канструкцыя выгінаецца і рухаецца наперад.

Акрамя хваста рыба мае два гарызантальныя плаўнікі з кожнага боку, а таксама модулі кантролю плавучасці, так што яна можа рухацца ў любым кірунку. Кіраванне заснавана на акустычных сігналах, якія перадаюцца дыстанцыйна з пульта кіравання і прымаюцца праз гідрафон.

Пры тэставанні рыба-робат з лёгкасцю падплывае да каралавых рыфаў на менш чым метровую адлегласць і здымае відэа. Насельнікі марскіх глыбінь не звяртаюць на яе ўвагі і вядуць сваё звычайнае жыццё. Аквалангістам, якія звычайна робяць падобную працу, даводзіцца складаней: рыбы палохаюцца іх. 

nn.by