Беларус хацеў выратаваць мабільны, але зваліўся ў калодзеж і памёр у шпіталі

Жыхар вёскі Малейкаўшчызна Лідскага раёна раніцай пайшоў па ваду да калодзежа, піша sb.by.

17.03.2018 / 11:48

«Калі мужчына нахіліўся да вядра, у яго з кішэні выпаў мабільны тэлефон. Вясковец стаў спускацца ў калодзеж, трымаючыся за металічны трос. Не ўтрымаўшыся, сарваўся ўніз. Апынуўшыся ў ледзяной вадзе, ён пачаў гучна крычаць, клікаць на дапамогу. Крыкі пачуў сусед і выклікаў супрацоўнікаў МНС. Ратавальнікі прыбылі аператыўна і, абматаўшы мужчыну тросам, выцягнулі з калодзежа глыбінёй 6 метраў. Хуткая дапамога забрала 59-гадовага мужчыну ў рэанімацыю», — распавяла афіцыйны прадстаўнік УМНС па Гродзенскай вобласці Наталля Жывалеўская.

Праз гадзіну пацярпелы памёр у бальніцы. Папярэдні дыягназ — моцнае пераахаладжэнне арганізма. Гэта мусіць пацвердзіць экспертыза. Па факце гібелі чалавека праводзіцца праверка.

nn.by