Расія з 9 сакавіка забараніла пастаўкі малака з трох беларускіх прадпрыемстваў

07.03.2018 / 18:43

Рассельгаснагляд з 9 сакавіка ўводзіць часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію прадукцыі жывёльнага паходжання з трох беларускіх прадпрыемстваў, паведамляе рэгулятар.

Абмяжоўваюцца пастаўкі з «Агракамбіната «Сноў», «Белавежскіх сыроў» і з «Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання».

Таксама Рассельгаснагляд уводзіць рэжым ўзмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да прадукцыі «Бабруйскмолоко», узмоцнены кантроль уведзены ў «Калінкавіцкім малочным камбінаце» (Светлагорскі філіял) і на «Шчучынскім масласырзаводзе».

Раней Рассельгаснагляд паведамляў, што плануе абмежаваць пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі з 26 лютага. Потым тэрмін уступлення ў сілу забароны пераносіўся спачатку на 6 сакавіка, потым на 15 сакавіка.