Памёр найстарэйшы святар БПЦ

02.03.2018 / 13:32

blagobor.by

У Барысаве 27 лютага памёр найстарэйшы клірык Беларускай праваслаўнай царквы, ганаровы настаяцель Уваскрасенскага кафедральнага сабора мітрафорны протаіерэй Іаан Місяюк. Яму было 94 гады, паведамляе сайт Барысаўскай епархіі.

Адпяванне адбылося 1 сакавіка. Яго здзейсніў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін у саслужэнні духавенства епархіі.

Нарадзіўся Іаан Місяюк 25 студзеня 1924 года ў вёсцы Міжэвічы (сёння Слонімскі раён) у сям'і святара. У 1943 годзе быў пасвечаны ў сан дыякана, а ў 1948 годзе — у сан іерэя. У 1950 году скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Адукацыю працягнуў у Ленінградскай духоўнай акадэміі.

Айцец Іаан Місяюк служыў ва ўсіх прыходах большасці абласцей Беларусі. Апошнім месцам яго служэння стаў Барысаў — у 1988 годзе айцец Іаан быў прызначаны настаяцелем мясцовага Уваскрасенскага сабора.