Украіна атрымае амерыканскую зброю праз некалькі тыдняў

28.02.2018 / 19:46

Ужо праз некалькі тыдняў адбудзецца першая пастаўка ўзбраення з ЗША ва Украіну, паведамляе «Украінская праўда».

Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў сераду прэзідэнт Пятро Парашэнка.

Паводле яго слоў, украінская ўлада дасягнула значнага прагрэсу ў перамовах з ЗША аб атрыманні ад іх ўзброенай дапамогі.

«Першая пастаўка гэтага ўзбраення павінна адбыцца праз некалькі тыдняў», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён паведаміў, што гэта будуць антыснайперскія комплексы, паколькі вельмі шмат украінскіх вайскоўцаў на Данбасе гінуць ад стрэлаў снайпераў.

«Яны дапамогуць нам знізіць колькасць загінулых», — падкрэсліў прэзідэнт.

Парашэнка дадаў, што чакаецца пастаўка з Амерыкі і многіх іншых відаў ўзбраення, але ён не можа іх назваць з-за сакрэтнасці інфармацыі.