У Мінску пратэставалі таксісты службы 135 ФОТЫ 

Каля «Чыжоўка-Арэны» ў чацвер, 15 лютага, прайшоў сход супрацоўнікаў службы таксі 135. Агулам у ім узялі ўдзел каля сотні кіроўцаў, незадаволеных новымі тарыфамі кампаніі.

15.02.2018 / 15:11

Літаральна за дзесяць хвілін да пачатку забастоўкі да «Чыжоўка-Арэны» пад'ехалі 60 машын, цягам наступных 30 хвілін — яшчэ 20. 

Кіраўніцтва службы на сходзе не было.

Звальненні, перапрацоўкі і «зліццё» замоў — разбіраемся, чым незадаволеныя мінскія таксісты

Кіроўцы абмеркавалі сітуацыю з падвышэннем і паніжэннем тарыфаў і тое, што яны апынуліся ў найбольшым пройгрышы. Таксісты хочуць, каб кіраўніцтва кампаніі іх пачула і зменшыла суму фіксаванага збору за кожную паездку (цяпер гэта 1,3 рубля).

Пасля 40-хвіліннага абмеркавання кіроўцы вырашылі скласці калектыўны ліст кіраўніцтву і абраць дзесяць чалавек, якія гэты зварот пасля перададуць.

Таксісты запэўніваюць, што калі іх будуць ігнараваць, яны працягнуць забастоўку.

Праз гадзіну пасля пачатку сходу да «Чыжоўка-Арэны» пад'ехалі супрацоўнікі міліцыі. Пацікавіліся, што адбываецца і зафіксавалі нумары ўсіх забастоўшчыкаў.

* * *

Прычына забастоўкі ў тым, што служба таксі 135 спачатку падвысіла тарыфы для пасажыраў і адначасова — фіксаваны збор за кожную замову ў кіроўцаў. А пасля — знізіла кошт паездкі для кліентаў, але з таксістаў працягвае браць столькі ж, па 1,3 рубля за замову.

Кіроўцы абураюцца, што з такой таксай заробак за месяц выходзіць часам меншы за 1000 рублёў. 

Ілья Параскевіч, фота Сяргея Гудзіліна