Будучыня з гнуткімі гаджэтамі ўсё бліжэй: навукоўцы стварылі новы гнуткі і празрысты праваднік 

Амерыканскія інжынеры распрацавалі празрысты, эластычны і электраправодны матэрыял. Ён складаецца з тонкіх палосак некалькіх сплаваў металаў, якія занадта малыя, каб іх можна было ўбачыць няўзброеным вокам, але досыць электраправодныя, каб забяспечваць энергіяй электронныя прылады, паведамляецца ў часопісе Advanced Materials.

13.02.2018 / 18:57

У аснове новага матэрыялу ляжыць празрысты эластамер полідыметылсілаксан. На яго наносяць 20-нанаметровы пласт хрому і 100-нанаметровы пласт медзі. Пасля гэтага апускаюць у вадкі пры пакаёвай тэмпературы сплаў EGaIn, які на тры чвэрці складаецца з галію і на чвэрць з індыю. Пры гэтым ён ўзаемадзейнічае з меддзю і ўтварае новы сплаў. Пасля таго, як матэрыял дасталі з ёмістасці з вадкім сплавам і прамылі, частка сплаву ўсё ж застаецца на паверхні, надаючы матэрыялу ўласцівасці правадніка.

Схема выразання лазерам правадніковых сувязяў.

Каб зрабіць матэрыял празрыстым, на ім з дапамогай лазера выразаюць большую частку сплаваў і пакідаюць сцежкі шырынёй 4,5 мікраметра, размешчаныя на адлегласці 96 мікраметраў адна за адной. Для абароны іх таксама пакрываюць плёнкай з полідыметылсілаксана.

У выніку празрыстасць матэрыялу трымаецца на ўзроўні 85%, але пры гэтым ён таксама захоўвае высокія механічныя і электрычныя ўласцівасці. Пры гэтым, хоць супраціўленне павялічваецца пры расцяжэнні, даследчыкі не заўважылі пастаяннага падзення электраправоднасці пасля многіх цыклаў расцяжэння.

nn.by