Кіраўнік місіі па каланізацыі Марса распавёў, як і калі першыя людзі пачнуць ствараць там цывілізацыю

Першыя людзі высадзяцца на Марсе да 2032 года, заявіў газеце Khaleej Times Бас Лансдорп — адзін з кіраўнікоў праграмы Mars One, мэтай якой з'яўляецца каланізацыя Чырвонай планеты.

06.02.2018 / 21:13

Магчымы выгляд чалавечага пасялення на Марсе

Паводле яго словаў, фінансаванне праекта практычна завяршылася, а наступная стадыя пачнецца ў 2019 годзе.

Раней планавалася запусціць місію Mars One ў 2022 годзе. Аднак праз недахоп фінансавання першы вылет на Марс перанеслі на 2031 год.

Заяўкі на ўдзел у праекце, які анансавалі ў 2012 годзе, падалі 200 тысяч чалавек, якія былі гатовыя правесці жыццё і памерці на Чырвонай планеце, аднак з іх выбралі толькі сотню. 

На новым этапе з авіяцыйна-касмічнымі кампаніямі і новымі супрацоўнікамі падпішуць кантракты, а таксама выберуць 40 прэтэндэнтаў з 100 ахвочых паляцець на Марс. У выніку ў 2031 годзе на Чырвоную планету паляцяць толькі чацвёра — два мужчыны і дзве жанчыны. Яны пражывуць на Марсе два гады, у 2034-м да іх далучыцца наступная партыя пасяленцаў, а ў 2036 годзе — яшчэ адна, і гэтак далей.

Для адпраўкі першых пасяленцаў праграме патрабуецца шэсць мільярдаў даляраў.

Першыя жыхары будуць вырошчваць сельскагаспадарчыя культуры. Плануецца, што яны правядуць на Чырвонай планеце рэшту свайго жыцця і паспрабуюць стварыць там чалавечую цывілізацыю. Для гэтага на Зямлі яны атрымаюць усе неабходныя навыкі.

nn.by