Лукашэнка — Хану: «Усходняе партнёрства» не павінна стаць раздзяляльнай зонай паміж ЕС і Расіяй

30.01.2018 / 11:19

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перамовах з камісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕС Ёганесам Ханам, паведамляе БелТА

«Вядома ж, без палітыкі не можа існаваць ніводная арганізацыя, але нельга дапусціць, каб «Усходняе партнёрства» стала чыста палітызаванай арганізацыяй. І не дай бог паставілі мэту перад краінамі «Усходняга партнёрства», каб гэты пояс стаў падзяляльнай зонай паміж Еўрасаюзам і Расіяй, Кітаем, Усходам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Мы вялікую ўвагу ўдзяляем нашаму супрацоўніцтву ў рамках гэтай арганізацыі. І ў гэтым плане вы можаце на нас разлічваць. Наша пажаданне — каб «Усходняе партнёрства» было больш прыземленым, каб яно было практыка-арыентаваным», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у рамках «Усходняга партнёрства» неабходна вырашаць тыя задачы, якія стаяць перад Еўропай, і прасоўваць тыя праекты, якія цяпер актуальныя, у тым ліку ў такіх сферах, як энергетыка, транспарт, лагістыка. «У тым ліку і жыццё людзей, візавыя пытанні, каб б мы маглі ў большым аб'ёме і вальней размаўляць з Еўропай, а вы — свабодна прыязджаць у Беларусь», — дадаў кіраўнік краіны.