Міністр адукацыі патлумачыў, навошта, дзе і як у школах будуць праводзіцца рэспубліканскія кантрольныя работы

29.01.2018 / 19:18

Рэспубліканскія кантрольныя работы будуць планавымі, паведаміў журналістам міністр адукацыі Ігар Карпенка, піша БелТА.

«Яны не будуць праводзіцца раптам. Гэта планавыя кантрольныя зрэзы. Установы адукацыі будуць ведаць, дзе, калі, у якім аб'ёме, якія катэгорыі навучэнцаў і якія класы будуць прыцягнуты да гэтых кантрольных работ. Іх мэта — у першую чаргу даць знешнюю ацэнку таго, як працуюць установы адукацыі», — сказаў Ігар Карпенка.

Па выніках такіх міністэрскіх кантрольных работ установы адукацыі павінны будуць іх прааналізаваць і паглядзець, што неабходна падцягнуць і як павысіць якасць падрыхтоўкі.

У той жа час Ігар Карпенка дадаў, што гэтыя зрэзы ніякім чынам не скіраваныя супраць настаўніка ці вучня. Плануецца, што атрыманая ацэнка не будзе істотным чынам уплываць на выніковую атэстацыю. Дзіця зможа яшчэ раз нешта пераздаць, калі будзе такая неабходнасць.

Як паведамлялася, рэспубліканскія кантрольныя работы ўпершыню пройдуць у лютым у Беларусі.

У кожным раёне будзе адабрана школа, у якой пройдзе так званая міністэрская кантрольная работа, якая дазволіць убачыць аб'ектыўнасць выстаўлення адзнак і ацаніць працу настаўнікаў. Усе працы навучэнцаў будуць зашыфраваныя. У адсканаваным зашыфраваным выглядзе іх праверыць незалежная камісія.