Макей, Лаўроў, Шайгу. У Мінску прайшло пасяджэнне міністраў АДКБ ФОТы

30.11.2017 / 13:27

У Мінску пад старшынствам міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея прайшло сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Камітэта сакратароў саветаў бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, піша Tut.by.

У сустрэчы прынялі ўдзел міністры замежных спраў, міністры абароны, сакратары саветаў бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ, а таксама генеральны сакратар арганізацыі.

Уладзімір Макей, дзяржсакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась і міністр абароны Андрэй Раўкоў

У парадак дня, як паведамляе прэс-служба МЗС, былі ўключаны пытанні, накіраваныя на далейшае развіццё міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, ваеннага супрацоўніцтва, процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам бяспецы.

Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў і кіраўнік МЗС Арменіі Эдвард Налбандзян (крайні справа)

Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь задаволена рэалізацыяй прыярытэтаў, якія былі вызначаны беларускім бокам для прасоўвання ў ходзе старшынства Беларусі ў год 15-годдзя стварэння АДКБ і 25-годдзя падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў дзяржаў-членаў АДКБ узгаднілі шэраг дакументаў, якія перададзены на разгляд кіраўнікам дзяржаў на сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.