Навукоўцы назвалі прычыну халоднага лета 2017 года

У часопісе Environmental Research Letter апублікаванае даследаванне амерыканскіх і расійскіх навукоўцаў, што тычыцца працэсаў скарачэння плошчы марскога лёду Паўночнага Ледавітага акіяна. Менавіта з гэтым даследчыкі звязваюць анамаліі надвор'я, у прыватнасці халоднае і дажджлівае лета 2017 года ў шматлікіх краінах Еўропы.

16.10.2017 / 16:37

Звесткі пра плошчу марскога лёду навукоўцы атрымлівалі са спадарожнікаў, а палі размеркаванняў тэмпературы, ціску, вільготнасці і выпраменьвання — з так званага рэаналізу (ERA-Interim). Рэаналіз з'яўляецца камп'ютарнай мадэллю, што апрацоўвае шматгадовыя даныя назіранняў (радыязондавых, авіяцыйных і інш.) за рознымі характарыстыкамі атмасферы.

Новыя веды, якія навукоўцы атрымалі ў выніку вялікае працы, дазваляюць больш дакладна прааналізаваць прычыны і наступствы працэсаў, якія адбываюцца ў Паўночным Ледавітым акіяне.

У прыватнасці, як мяркуюць даследчыкі, калі досыць вялікая вобласць Арктыкі аказваецца не пакрытая лёдам, магчымы ўварванні халоднага і вільготнага паветра на тэрыторыю Еўропы.

У апошні час такая сітуацыя назіраецца ўсё часцей і часцей ды становіцца прычынай анамалій надвор'я. Апошнім доказам гэтага стала нетыпова халоднае лета 2017 года.

nn.by