Кіраўнік Генштаба Украіны: Расія вывела не ўсе войскі з Беларусі пасля вучэнняў

30.09.2017 / 09:42

Расія пакінула частку сваіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі пасля вучэнняў «Захад-2017». Такую заяву ў інтэрв'ю агенцтву Рэйтэр зрабіў кіраўнік Генеральнага штаба Украіны генерал арміі Віктар Мужэнка.

Расія, паводле словаў Мужэнкі, на самай справе вывела толькі малую частку салдат і афіцэраў па заканчэнні манеўраў.

«У нас ёсць інфармацыя, што яны адклікалі толькі некалькі падраздзяленняў, пры тым, што было заяўлена 12 500 вайскоўцаў, з якіх 3000 былі расейцамі», - заявіў кіраўнік Генштаба, выказаўшы ўпэўненасць, што ў рэальнасці лік удзельнікаў вучэння быў значна большы.

Вучэнні «Захад-2017» прайшлі на тэрыторыі Беларусі і Расіі 14—20 верасня.

На афіцыйным сайце вучэнняў 28 верасня было апублікавана паведамленне аб тым, што апошні эшалон з асабовым складам і тэхнікай падраздзяленняў Узброеных сіл Расіі, якія бралі ўдзел у «Захадзе-2017», пакінуў Беларусь.