Сусветная арганізацыя аховы здароўя адмяніла надзвычайнае становішча, уведзенае пасля ўспышкі віруса Зіка

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) абвясціла аб заканчэнні рэжыму надзвычайнага становішча, уведзенага ў лютым пасля ўспышкі віруса Зіка. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на заяву СААЗ.

19.11.2016 / 11:20

«Мы не паніжаем значнасці віруса Зіка, але змяшчаем яго ў праграму больш доўгатэрміновай працы. Мы разумеем, што Зіка нікуды не дзенецца», — цытуе прадстаўніка СААЗ агенцтва Reuters.

Вірус Зіка выяўлены ў 65 краінах свету. Прыкладна ў 80% інфікаваных хвароба ніяк сябе не выяўляе, што моцна ўскладняе своечасовую дыягностыку.

Вірус Зіка небяспечны ў асноўным для цяжарных жанчын, ён выклікае сіндром мікрацэфаліі: дзеці нараджаюцца з вельмі маленькімі галовамі і часцяком з дэфектамі развіцця мозгу.

У першую чаргу ад віруса пацярпелі краіны Лацінскай Амерыкі. У Бразіліі ён ужо прывёў да сур'ёзнага росту колькасці дзяцей, народжаных з мікрацэфаліяй.

Вакцыны ад віруса пакуль не існуе.