«Гавары праўду» звярнулася ў пракуратуру з просьбай правесці праверку ўдзелу беларускіх школьнікаў у ваенных зборах неанацыстаў

Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік кампаніі.

16.05.2016 / 17:41

«У сродках масавай інфармацыі з'явіліся трывожныя паведамленні пра тое, што ў маі 2016 года праз Віцебскую епархію i прарасійскія «патрыятычныя» арганізацыі, што дзейнiчаюць на тэрыторыі Беларусі, група непаўналетніх беларускіх дзяцей была накіраваная ў ваенізаваныя трэніровачныя лагеры на тэрыторыі Расіі», — гаворыцца ў звароце «Гавары праўду» ў пракуратуру.

Далей аўтары звяртаюць увагу на ідэалагічную прыналежнасць інструктараў і факты іх удзелу ў вайне. 

«Нам добра вядома, — пішуць у «Гавары праўду», — да якіх трагічных наступстваў прывяла дзейнасць гэтых баевікоў на ўсходзе Украіны. Няма ніякіх сумневаў, што «выкладчыкі» і «трэнеры» згаданых у паведамленнях СМІ лагераў вучылі беларускіх дзяцей экстрэмізму, неанацызму, здрадзе нашай Радзіме — Беларусі, нецярпімасці да людзей, якія не падзяляюць іх погляды што да адраджэння «вялікай імперыі».

«Расцэньваем такую дзейнасць арганізатараў, пасярэднікаў, палітычных і фінансавых спонсараў падобных лагераў як сур'ёзную пагрозу для маральнага стану беларускіх дзяцей. Лічым дзейнасць рэлігійных і грамадскіх арганізацый, якія займаюцца вярбоўкай дзяцей для ўдзелу ў падобных лагерах, несумяшчальнай з заяўленымі імі статутнымі мэтамі».

«У сувязі з выкладзеным вышэй, прашу Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь:

— Правесці праверку фактаў, выкладзеных у паведамленнях СМІ, аб удзеле беларускіх дзяцей у дадзеных лагерах.

— Даць прававую ацэнку дзейнасці арганізатараў і пасярэднікаў дадзеных лагераў з беларускага боку.

— Забараніць уезд у Беларусь грамадзянам замежных дзяржаў, датычных да набору беларускіх дзяцей для ўдзелу ў ваенізаваных дзіцячых лагерах на тэрыторыі іншых краін», — значыцца таксама ў лісце за подпісам кіраўніка кампаніі Андрэя Дзмітрыева.

АЯ