Праваабаронцы: Баевікі ІД забілі дзясяткі людзей у Сірыі

17.01.2016 / 11:06

Праваабаронцы «Сірыйскай абсерваторыі па правах чалавека», якая месціцца ў Вялікабрытаніі, паведамілі, што 16 студзеня баевікі Ісламскай дзяржавы забілі дзясяткі людзей у горадзе Дэйр-аз-Зор на ўсходзе Сірыі.

Паводле звестак праваабаронцаў, баевікі напалі на два кварталы ў кантраляваным пераважна ўрадавымі сіламі горадзе. Яны забівалі як узброеных прыхільнікаў прэзідэнта Сірыі Башара Асада, так і членаў іх сем'яў.

Паводле паведамленняў з іншых крыніц, усяго ў выніку атакі загінулі 135 чалавек, сярод якіх дзясяткі цывільных.

Групоўка «Ісламская дзяржава» кантралюе большую частку правінцыі Дэйр-аз-Зор, аднак урад мае ўладу ў некалькіх раёнах галоўнага горада правінцыі, а таксама захоўвае кантроль над вайсковым аэрадромам.