У Слуцку ў цэнтры горада скралі Дзеда Мароза ФОТА

11.01.2016 / 18:39

Як паведамляе слуцкая газета «Інфа-Кур'ер», раніцай 8 студзеня ў слуцкі РАЎС звярнуліся супрацоўнікі ЖКГ з паведамленнем пра выкрадзенага Дзеда Мароза. 

Як было. Фота Алеся Дастанкі

Як стала. Фота Вікторыі Капскай

Дзед Мароз стаяў у самым цэнтры горада. Праз дарогу ад яго — слуцкі райвыканкам. Па версіі супрацоўнікаў міліцыі, Дзеда Мароза вывезлі мэтанакіравана. Імаверна, ён быў загружаны ў аўтамабіль. Сама фігура была не прывараная, таму крадзеж адбыўся адносна хутка.

Паводле інфармацыі міліцыі, агульная шкода ад крадзяжу ацэньваецца на суму ў 12 млн рублёў. Скульптурная кампазіцыя не набытая, а зробленая супрацоўнікамі слуцкага ЖКГ самастойна і з'яўляецца эксклюзіўнай працай.

У каментарах да навіны на сайце «Інфа-Кур'ер» чытач пад нікам «Ваня 29» напісаў: «Хлопцы, пагаварыце ў сем'ях, са знаёмымі, сябрамі, можа хто што бачыў. Асабіста дам 2 млн рублёў за інфармацыю пра гэтых вырадкаў, хто крадзе дзяцінства ў нашых дзяцей».

МН