У Баранавічах паставілі помнік Феліксу Дзяржынскаму

02.10.2015 / 15:06

Бюст перанеслі з Баранавіцкага раёна на тэрыторыю гарадскога ўпраўлення КДБ.

Бюст старшыні ВЧК, які ляжаў побач з будынкам КДБ, заўважылі жыхары горада ў чэрвені 2015 года.

Начальнік Баранавіцкага гарадскога аддзела ўпраўлення КДБ РБ па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Навіцкі распавёў тады, што помнік прывезлі з былога калгаса імя Дзяржынскага. Адзіны бюст заснавальніка і кіраўніка ВЧК ў Баранавіцкім раёне стаяў з 1977 года ў в. Мілавіды каля будынка праўлення калгаса. Некалькі гадоў таму калгас быў расфармаваны, а ў будынку размясціліся іншыя арганізацыі.

— Згодна з рашэннем мясцовых органаў улады бюст перанесены на тэрыторыю гарадскога ўпраўлення КДБ, — растлумачыў Навіцкі. — Гэта будзе другое жыццё помніка.

У верасні помнік быў усталяваны на пастамент ля ўваходу ў будынак раённага ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі.