Еўрапарламент шукае сродкі для барацьбы з расійскай прапагандай

12.05.2015 / 18:03

Камітэт па замежных справах Еўрапарламента падтрымаў рэзалюцыю аб выдзяленні фінансаў для барацьбы з расійскай прапагандай.

За рэзалюцыю прагаласавалі 53 дэпутаты, 10 выказаліся супраць. Дакумент прадугледжвае выкарыстанне так званай «мяккай сілы» для супрацьстаяння «агрэсіўнай расейскай прапагандзе».

У ім таксама гаворыцца, што краіны ЕС павінны ўстрымлівацца ад двухбаковых кантактаў з Расіяй, а замест гэтага актывізаваць калектыўныя намаганні для ўзгодненага супрацьстаяння «экспансіянісцкай палітыцы» Расіі ў дачыненні да Украіны.

На думку еўрапарламентарыяў, незаконна далучыўшы Крым, Расія нанесла сур'ёзную шкоду адносінам з Еўрасаюзам і не можа больш разглядацца ў якасці стратэгічнага партнёра Бруселя.

У сакавіку Брусель абвясціў аб тым, што шукае экспертаў, задачай якіх будзе распрацоўка стратэгіі па барацьбе з антызаходняй прапагандай Расіі. Таксама Брусель тады заяўляў, што разгледзіць магчымасць стварэння расейскамоўнага СМІ.