Патрыярх Кірыл (Гундзяеў) наведае Беларусь 20—22 чэрвеня

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл наведае Беларусь 20—22 чэрвеня ў рамках мерапрыемстваў з нагоды 1000-годдзя смерці святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра.

30.04.2015 / 20:38

Пасяджэнне рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў з нагоды 1000-годдзя смерці святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра адбылося сёння ў Савеце Міністраў Беларусі пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Наталлі Качанавай.

Як паведаміла прэс-служба ўрада, былі абмеркаваныя прапановы па праграме знаходжання Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, які наведае Беларусь 20—22 чэрвеня, а таксама ход падрыхтоўкі міжнароднай навуковай канферэнцыі «Святы князь Уладзімір і хрост Русі: цывілізаваны выбар ўсходнеславянскага свету».

У пасяджэнні прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел, кіраўнік Службы пратаколу Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі протаіерэй Андрэй Мілкін, іншыя прадстаўнікі духавенства і органаў дзяржаўнага кіравання.