9-гадовы хлопчык, што прапаў у Мінску 22 красавіка, знойдзены гэтай ноччу жывым

З ім усё нармальна, ён перададзены маме. Пра гэта ўначы паведаміў пошука-выратавальны атрад «Анёл» на старонцы ў УКантакце.

24.04.2015 / 12:54

Шарамецьеў Андрэй, 9 гадоў, прапаў 22 красавіка каля 16 гадзін, ён пайшоў пасля ўрокаў са школы №137 (г. Мінск, вул. Каліноўскага, 50/2) і да позняй ночы 24 красавіка пра яго не было вядома.

Яго пошукі былі шырокія, дзясяткі валанцёраў раздрукоўвалі і расклейвалі арыенціроўкі,

было заклеена не толькі Уручча, але станцыі метро ад «Каменнай Горкі» да «Уручча», фоткі былі перададзеныя таксістам аднаго з аператараў, а таксама работнікам метрапалітэна. Прачэсвалася тэрыторыя.

Паведамляецца, што Андрэя знайшлі на Баравой (праз МКАД ад вул. Цікоцкага). Шукала вялікая група з ліхтарыкамі, яны і знайшлі.

«Малога на руках неслі, паляцелі ўсім натоўпам па машынах», пішацца ў каментарах. Насустрач адразу выехала мама.

Высветлілася, што 9-гадовы Андрэй згубіўся, калі пасля школы вяртаўся з сябрам з крамы. Проста пайшоў не ў той бок … і заблукаў. Дзіця пасаромелася спытаць у мінакоў, як знайсці дарогу дадому. Ноч яго заспела ў пад'ездзе ў чужым доме.

З хлопчыкам усё нармальна

Фота Аляксандра Квяткоўскага, атрад «Анёл»