Google дасць робатам-хірургам новы зрок

Інтэрнэт-гігант заключыў партнёрскія пагадненні з медыцынскай кампаніяй Johnson&Johnson.

30.03.2015 / 16:17

Хірургічны робат da Vinci ужо сёння дапамагае хірургам у некаторых аперацыях. Выява: da Vinci Surgery

Група Google Life Sciences і падраздзяленне Johnson & Johnson Ethicon будуць працаваць над удасканаленнем робатаў-хірургаў, перадае Mashable.

Google здольны даць робатам Ethicon добры зрок праз сістэму распазнавання выяў.

Google мае прасунутыя тэхналогіі распазнавання выяў. Некаторыя з іх могуць здацца смешнымі: напрыклад, пошукавік вучыцца падпісваць фота, але пакуль блытае машыну з аўтобусам, а раварыста са скейтбардыстам.

Але Google «трэніруецца на котках» дзеля сур’ёзных мэтаў.

Напрыклад, робат можа дапамагчы чалавеку-хірургу пабачыць крывяносныя сасуды альбо даць патрэбныя падказкі ў залежнасці ад дзеяння хірурга ў дадзены момант.

У групе Google Life Sciences, што ўваходзіць у лабараторыю Google X, працуюць каля 100 лекараў і навукоўцаў. Супраца з Ethicon можа вывесці іх даследаванні з лабараторыі перспектыўных праектаў у рэальныя аперацыйныя пакоі.

Але пакуль робатам не дазволяць праводзіць аперацыі без удзелу чалавека.

Аляксандр Арсёнаў