МН17: сваякам ахвяраў паказалі абломкі збітага над Данецкам самалёта
Сем'ям пасажыраў, якія загінулі пры крушэнні авіялайнера кампаніі Malaysia Airlines ў небе над Украінай, упершыню паказалі абломкі самалёта на ваеннай авіябазе ў Нідэрландах.
04.03.2015 / 07:26
EPA
Усе 298 пасажыраў і членаў экіпажа рэйса МН17, які рухаўся 17 ліпеня 2014 па маршруце Амстэрдам — Куала-Лумпур, загінулі.
Галандскія эксперты, якія расследуюць акалічнасці катастрофы, не выключаюць, што малайзійскі авіялайнер быў збіты ракетай, калі пралятаў над зонай ваеннага канфлікту на ўсходзе Украіны.
У аўторак пракурор, які ўзначальвае крымінальнае расследаванне, заявіў, што «гэта магла быць ракетная ўстаноўка «Бук» класа «зямля-паветра».
Пры гэтым ён падкрэсліў, што следчым «яшчэ занадта рана выключаць іншыя версіі».
Улады Украіны і краіны Захаду перакананыя, што «Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines быў збіты ракетай, выпушчанай з раёна, які знаходзіцца пад кантролем прарасійскіх сепаратыстаў.
Украінскі ўрад мяркуе, што ракеты былі пастаўленыя сепаратыстам з Расіі. Расійскі бок абвяргае гэтыя абвінавачванні, сцвярджаючы, што да катастрофы магла быць датычная Украіна.
Абломкі лайнера былі дастаўлены на авіябазу на поўдні Нідэрландаў яшчэ ў канцы мінулага года і размешчаныя ў трох ангарах.
Сярод выстаўленых на агляд фрагментаў - крылы, колы, абломкі фюзеляжа і адсекі для ручной паклажы.