86-гадовую бабулю ў Хойніках забілі табурэткай

25.02.2015 / 11:54

фота з фэйсбука Марыі Крываногавай, sk.gov.by

Хойніцкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу на падставе часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса (забойства заведама састарэлага) у дачыненні да жыхара райцэнтра 1985 года нараджэння. 

Пры правядзенні першапачатковых следчых дзеянняў устаноўлена, што вечарам 22 лютага падазроны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, пранік у дом да састарэлай суседкі і нанёс ёй не менш як два ўдары табурэтам па галаве. Жанчына 1928 года нараджэння ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памерла на месцы. 

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, інфармацыя пра ўчыненне супрацьпраўнага дзеяння адносна састарэлай жанчыны праваахоўнікам паступіла ад сацыяльнага работніка. 23 лютага сацыяльны работнік, калі прыйшла ў дом да пенсіянеркі, убачыла адкрытыя ўваходныя дзверы і раскіданыя ў доме рэчы. Жанчына звярнулася да следча-аператыўнай групы, якая працавала на той жа вуліцы, дзе быў учынены крадзеж. 

Падчас агляду дома пенсіянеркі ў адным з пакояў на ложку быў знойдзены яе труп з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначаная судова-медыцынская экспертыза. 

Падчас правядзення следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў падазроны ва ўчыненні злачынства быў затрыманы на працягу некалькіх гадзін. Гэта нідзе не працуючы 29-гадовы жыхар Хойнікаў, які раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. 

У следства ёсць падставы меркаваць, што затрыманы мае дачыненне да крадзяжу з прыватнага дома, размешчанага недалёка ад месца забойства.