Навукоўцы рэабілітавалі пацукоў

24.02.2015 / 10:25

У пандэміі бубоны чумы, якая выкошвала цэлыя гарады сярэднявечнай Еўропы, вінаватыя не пацукі, як гэта прынята лічыць, а іншыя дробныя грызуны — пясчанкі.

Навукоўцы высветлілі, што ў Еўропе ўспышкі захворвання, якое атрымала назву «чорная смерць», па часе былі цесна звязаны з перыядамі цёплага і вільготнага надвор'я ў Цэнтральнай Азіі, перадае BBC.

У такіх умовах рэзка павялічваецца папуляцыя пясчанак і блох, якія жывуць на іх.

Менавіта яны, як лічаць навукоўцы, і пераносілі чумную палачку на хатніх жывёл і гандляроў, якія вандравалі па Вялікім шоўкавым шляху.

Даследаванне апублікавана ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences — афіцыйным друкаваным органе Нацыянальнай акадэміі навук ЗША.