Як зрабіць грэлкі для рук сваімі рукамі

Пашылі за хвіліну, пагрэлі паўхвіліны — атрымалі 10 хвілін цеплыні.

16.02.2015 / 12:57

Панядзелак сустрэў беларусаў маразамі да -10, бліжэйшыя дні будуць халоднымі. Самы час скарыстацца інструкцыяй ад brit.co па вырабленні маленькіх грэлак для рук.

Тут і ніжэй фота: Irene Fucci, brit.co

Каб вырабіць маленькія і мілыя грэлкі, вам спатрэбяцца ніткі, рыс і прыемная на вобмацак (гэта важна!) тканіна, а таксама крэйда, шпількі, нажніцы і прынтар.

  1. Раздрукуйце на лісце А4 фігуры з гэтага PDF (альбо прыдумайце свае фігуры), выражце іх нажніцамі.
  2. Разгладзьце тканіну, пакладзіце на яе фігуры, абвядзіце іх крэйдай.
  3. Злучыце два аднолькавых кавалкі шпількай.
  4. Сшыйце кавалкі тканіны ўручную ці на машынцы так, каб частка адной грані засталася незашытай.
  5. Выверніце «канверцік» навыварат.
  6. Засыпце сухі рыс на 2/3 «канверціка», зашпіліце «канверцік» шпількай.
  7. Зашыйце частку, праз якую засыпалі рыс.

Атрыманыя падушачкі дастаткова пагрэць у мікрахвалёўцы 20-30 секунд — яны будуць трымаць цеплыню прынамсі 10 хвілін. Гэткія падушачкі дапамогуць грэць рукі падчас працы за камп’ютарам альбо будуць прыемным дадаткам да цёплых кішэняў падчас кароткіх перабежак ад дому да працы.

Аляксандр Арсёнаў