Беларускі футбаліст Мікіта Букаткін заключыў кантракт з узбекскім клубам «Машал»

14.02.2015 / 20:29

Беларускі паўабаронца Мікіта Букаткін заключыў гадавы кантракт з узбекскім клубам «Машал» з Мубарака. 

Дваццацішасцігадовы футбаліст ужо дэбютаваў за сваю новую каманду і дапамог ёй выйсці ў паўфінал узбекскай лігі. У чвэрцьфінале Лігі Узбекістана «Машал» з лікам 2:0 абыграў клуб «НБУ-Азія». Букаткін выйшаў у асноўным складзе свайго новага клуба і правёў на полі пяцьдзясят хвілін. У чэмпіянаце Узбекістана «Машал» займае пятае месца з 36 ачкамі пасля 26 згуляных матчаў. 

Да пераезду ва Узбекістан Мікіта Букаткін выступаў толькі на радзіме, абараняючы колеры салігорскага «Шахцёра», наваполацкага «Нафтана», «Мінска» і бабруйскай «Белшыны». З клубам з Наваполацка апорны паўабаронца выйграў Кубак Беларусі, а з «Шахцёрам» бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі. Таксама гулец выступаў у складзе маладзёжнай зборнай Беларусі.