Лабарантка ў школе Мядзельскага раёна выкрала ў дзяцей 16 млн рублёў

06.02.2015 / 18:54

Мядзельскім раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі распачата крымінальная справа ў дачыненні да 59-гадовай жанчыны, якая падазраецца ў махлярстве.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог, падазроная, якая працавала на пасадзе лабаранткі і была надзеленая паўнамоцтвамі на збор грашовых сродкаў з вучняў на штомесячнае харчаванне ў сталовай, наўмысна завышала кошт па выплатах. У выніку больш за 250 вучняў школы з верасня па лістапад мінулага года пераплацілі каля 16 мільёнаў рублёў, якімі незаконна завалодала жанчына. 

У межах справы, якая расследуецца па ч. 1 арт. 209 КК (махлярства), устанаўліваюцца ўсе абставіны злачынства, правяраюцца іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасці.