Парашэнка: Ва Украіне — 9 тыс. расійскіх вайскоўцаў, 200 танкаў перасеклі мяжу

21.01.2015 / 20:18

Пятро Парашэнка прадэманстраваў фрагменты абстралянага пад Валнавахай аўтобуса, AFP

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў аб прысутнасці на Украіне дзевяці тысяч расійскіх вайскоўцаў, якія падтрымліваюць сепаратыстаў на ўсходзе краіны.

У сваім выступе на міжнародным эканамічным форуме ў Давосе ён сказаў, што яны ўзмоцнены цяжкай тэхнікай і танкамі.

«Калі гэта не агрэсія, то што тады лічыць агрэсіяй?» — сказаў прэзідэнт Украіны.

Парашэнка таксама прадэманстраваў фрагмент абстралянага пад Валнавахай аўтобуса. У выніку абстрэлу аўтобуса на мінулым тыдні загінулі 13 чалавек. Парашэнка заявіў, што ў аўтобус трапіла расійская ракета.

Сепаратысты і ўкраінскія ўлады адмаўляюць, што маюць дачыненне да гэтага абстрэлу.

Украінскі прэзідэнт заклікаў Расію неадкладна прыступіць да імплементацыі мірнага плана ў Данбасе, вывесці адтуль войскі і сумеснымі намаганнямі перакрыць расійска-ўкраінскую мяжу.

Раней Парашэнка заявіў, што сітуацыя на ўсходзе Украіны можа пагоршыцца, паколькі сепаратысты атрымліваюць падмацаванне з Расіі.

«Яшчэ дзве тысячы расійскіх ваенных перасякаюць нашу мяжу. Разам з двума сотнямі танкаў і бронетранспарцёраў. Мы разумеем, што гэта ўяўляе вялікую небяспеку», - сказаў Пётр Парашэнка ў інтэрв'ю агенцтву Блумберг у Давосе.

Парашэнка таксама заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы «гатовыя даць адпор баевікам», аднак улады настроены на мірнае ўрэгуляванне канфлікту.