КамАЗ зрабіў за грошы Мінабароны РФ нікому не патрэбны бронеаўтамабіль

21.01.2015 / 19:57

Браніраваны аўтамабіль КАМАЗ-63969, распрацаваны расійскім Камскім аўтамабільным заводам, не знайшоў сваю нішу, сказаў у інтэрв'ю галоўны канструктар ОАО КАМАЗ па працы з сілавымі структурамі Юрый Кухарэнка.

Інтэрв'ю браў незалежны ваенны назіральнік Дзяніс Макрушын, які апублікаваў тэкст у сваім блогу.

«Яго (бронеаўтамабіль) баявым пакуль не прызнаюць, а такі ўзровень абароны для звычайнай перавозкі людзей проста празмерны», — сказаў Кухарэнка.

Фота ААТ «КАМАЗ»

Аўтамабіль атрымаў моцную бранявую абарону нават ад буйнакаліберных куль калібру 14,5 мм, а таксама, згодна з заявай канструктара, вытрымлівае выбух 8 кг трынітраталуолу пад любым месцам днішча.

Аднак машына нават без узбраення атрымалася вельмі цяжкай — цяжэйшай за большасць савецкіх, расійскіх і заходніх бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты. Да таго ж, маса не дазваляе машыне быць плаваючай і атрымаць шырокі спектр узбраення і іншага абсталявання — яна можа ўзяць на борт максімум 4 тоны карыснай вагі нават пасля выкарыстання больш лёгкай керамічнай брані.

У бартах машыны таксама няма байніц для агню з асабістай зброі дэсантнікаў, што хоць часткова магло б кампенсаваць адсутнасць узбраення.

У выніку машына, якая выраблялася за кошт Міністэрства абароны Расіі, атрымалася непатрэбнай.

«Хоць ён вытрымаў выпрабаванні, апраўдаў канструктыўныя задумкі, але сёння ваенным незразумела, дзе яго выкарыстоўваць. Мы будзем працягваць выпрабаванні, але яснасці няма», — сказаў канструктар.

Калі Мінабароны цалкам адмовіцца ад КАМАЗ-63969, то КАМАЗ будзе спрабаваць рэалізаваць атрыманыя напрацоўкі пры стварэнні плаваючай машыны для марской пяхоты, кажа канструктар.

Аляксандр Гелагаеў