Беларускія «кібаргі» змагаюцца пад Данецкім аэрапортам ФОТЫ, ВІДЭА

дадалося відэа

17.01.2015 / 15:46

Беларускія добраахвотнікі ўсталявалі бел-чырвона-белы сцяг у вёсцы Пяскі, ключавой пазіцыі, якая дапамагае ўкраінскім жаўнерам утрымліваць Данецкі аэрапорт, паведаміла суполка «Згуртаванне патрыётаў» у Facebook у суботу.

«На пазіцыях, разам з украінскімі прапарамі, залунаў бел-чырвона-белы сцяг», — гаворыцца ў подпісе да фота.

Пазаўчора, 15 студзеня, суполка пісала: «Ідзе кантактны бой у новым тэрмінале ДАПа, дыстанцыі 50-100 м. Сепары лезуць штурмавымі групамі з усіх кірункаў. Варта ЗСУ працуе без перапынку. Нашы хлопцы трымаюць пазіцыі справа ад аэрадрома».

Фота беларускіх добраахвотнікаў, выстаўленае 15 студзеня.

Вёска Пяскі — крытычна важны пункт побач з аэрапортам, утрымліваючы які, украінская армія можа эфектыўна дапамагаць абаронцам аэрапорта артылерыяй і боепрыпасамі.

Пазіцыі ў Пясках часта спрабуюць атакаваць баевікі, якія і так увесь час абстрэльваюць вёску мінамётным і артылерыйскім агнём.

Франтавая творчасць. Фота 16 студзеня

Расійскія СМІ ўжо шмат разоў паведамлялі пра захоп Данецкага аэрапорта, які стаў сімвалам украінскага супраціву з восені 2014 года, калі на дапамогу амаль разбітым расійскім баевікам масава прыйшлі рэгулярныя часткі арміі РФ.

У выніку абаронцы аэрапорта, атрымаўшы за сваю нязломнасць мянушку «кібаргі», пахавалі міф пра тое, што на постсавецкай прасторы ніхто не можа доўга супрацьстаяць ваеннай машыне Расіі. 

Аляксандр Гелагаеў