Сем! «Белсат» святкуе дзень нараджэння ВІДЭА

11.12.2014 / 14:15

Першы незалежны тэлеканал Беларусі святкуе 7-годдзе ад пачатку вяшчання.

Дакументалістыка

У фільматэцы «Белсату» за 7 гадоў працы назбіралася больш за дзве сотні дакументальных фільмаў і разгорнутых рэпартажаў. Нашыя аўтары шукаюць незвычайных герояў ды апавядаюць іх гісторыі, даследуюць падзеі, на якія мы не маем права забыцца. Сярод сёлетніх дакументальных фільмаў вызначана пяць найлепшых:

«Амерыканка. All included» (рэж. Віктар Корзун)

Фільм распавядае пра побыт у турме КДБ, у гэтак званай «амерыканцы», вядомага журналіста і пісьменніка Аляксандра Фядуты. Аўтар правёў у зняволенні 110 дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і апісаў гэта ў кнізе. Ідэя фільму – перакласці несуцяшальную рэчаіснасць на мову літаратуры, змяніўшы жанр з драмы на камедыю.

«Усё прыдумана Богам» (рэж. Вольга Швед)

Стваральнікі фільму адпраўляюцца ў падарожжа па беларускіх вёсках… з аўталаўкаю. І трапляюць у самыя далёкія куткі, куды не ездзяць аўтобусы, дзе практычна няма дарог. У гэтых вёсках яшчэ зусім нядаўна жылі сотні людзей, а засталіся лічаныя насельнікі. У тутэйшых школах тры вучні ў класе – звыклая справа. Тут увесь час жывуць у чаканні – аўталаўкі ды буслоў, якія мо прынясуць унукаў, у чаканні смерці, якая ў гэтых мясцінах – самы часты госць. Але пры гэтым смяюцца і жартуюць, цешацца першымі промнямі сонейка ды працуюць з ранку да ночы.

«Пашпарт для беларуса»

Фільм «Пашпарт для беларуса» паказвае гісторыю Беларусі праз прызму змены пашпартоў яе жыхароў. Падчас апошняга стагоддзя беларусы былі грамадзянамі царскай Расеі, кайзераўскай Нямеччыны, Польшчы, Савецкага Саюзу. Да гэтага пераліку трэба дадаць эміграцыю – палітычную і заробкавую. Напрыклад, у 20–30-х гадах ХХ стагоддзя ў Аргентыну з міжваеннай Польшчы прыехалі каля 20 тысяч беларусаў.

«Сейбіт» (рэж. Юры Каліна)

Герой фільму – жыхар раёну Студзіводы ў Бельску Падляскім Дарафей Фіёнік: беларус, грамадзянін Польшчы (як і ягоныя продкі), выпускнік праваслаўнай духоўнай семінарыі, рэгент царкоўнага хору, стваральнік Музею малой бацькаўшчыны ў Студзіводах, рэдактар этнаграфічнага часопісу «Бельскі гасцінец», аўтар кніжак пра гісторыю рэгіёну. Ён заснаваў гурт «Жэмэрва» («Żemerwa»), што выконвае аўтэнтычны фальклор Падляшша, а кіруе калектывам ягоная сястра Анна Фіёнік. Аднак найважнейшым сваім абавязкам Дарафей лічыць прапаганду духоўнай і матэрыяльнай культуры падляшскіх беларусаў – на ўзор біблейскага сейбіта, каб тое зерне «ўпала на добрую зямлю і дало плод».

«Кантрабандысты»

Нелегальны гандаль існуе столькі, колькі існуюць межы. Пра кантрабандыстаў 1920-х гадоў на савецка-польскай мяжы мы даведваемся з аўтабіяграфічнай аповесці Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». У тыя часы сталіцаю кантрабандысцкага жыцця было мястэчка Ракаў. Цяпер жа гэтае рамяство перамясцілася ў цягнік Горадня–Кузніца…

Публіцыстыка

Мала інфармаваць грамадства – часцяком поўны сэнс той ці іншай падзеі становіцца зразумелым толькі з дапамогаю экспертаў, ды тых, каго наўпрост дачытаць сітуацыя. Гарачыя спрэчкі падчас ток-шоў «Форум» ці няспешная гутарка тэт-а-тэт у «Размове дня» з удзелам найлепшых публіцыстаў? Штодня ў эфіры «Белсату» – новыя выпускі праграмаў. Сёлета найлепшымі названыя наступныя выданні:

Інфармацыя і рэпартажы

Інфармацыйны год распачаўся з падзеяў на Майдане. Журналісты і аператары «Белсата», не зважаючы на рызыку, заўсёды былі ў самым віры падзеяў: у Кіеве, у Крыме, на Данбасе. Значная частка інфармацыйных матэрыялаў у эфіры ды на старонцы «Белсату» прысвечаная падзе ва Украіне, аднак ёсць і іншыя, не менш цікавыя артыкулы і сюжэты.

Інфармацыйны матэрыял году:

Найлепшы матэрыял на старонцы «Белсату»:

Найлепшыя рэпартажы на «Белсаце» ў 2014 годзе

 

Падчас святкавання 7 Дня народзінаў тэлеканалу будзе таксама вызначаны пераможца ў намінацыі «Тэлевізійная асоба году». Год таму Пераможцаю стала Святлана Калінкіна, вядоўца ды суаўтарка праграмы «Размова дня». Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя неўзабаве. Заставайцеся з «Белсатам»!