Грамадзяне Расіі масава засяляюць дамы вакол плошчы Перамогі ў Мінску

Новыя дамы па вуліцы Румянцава ў Мінску схаваныя ад вока мінакоў. Мала хто здагадваецца, што за 100 метраў ад плошчы Перамогі пабудаваная элітная нерухомасць. Прычым прычына няведання простая — кватэры ў дамах нідзе не рэкламаваліся. Яны так і не трапілі ў свабодны продаж.

11.12.2014 / 00:09

Хто будаваў дамы? Паводле афіцыйнай інфармацыі, гэта малавядомы інвестар «Влатэ Холдынг». Кампанія зарэгістраваная ў кантоне Цуг у Швейцарыі і займаецца продажамі медыцынскай тэхнікі і абсталявання. Зямля пад будаўніцтва не выстаўлялася на адкрыты аўкцыён.

Яшчэ ў 2006 годзе кампанія пабудавала першы дом, па адрасе Румянцава, 7. У шасціпавярховіку было спраектавана ўсяго дзесяць кватэр. Гаспадары атрымалі яшчэ па некалькі месцаў у падземным паркінгу.

Камерцыйны поспех будаўніцтва швейцарцы вырашылі замацаваць летась, калі змаглі ўзвесці яшчэ два дамы па суседстве.

Рыэлтары сцвярджаюць, што замежнікі рэдка купляюць кватэры ў Беларусі. Калі ўгоды і афармляюцца, то нерухомасць рэгіструюць на мясцовых жыхароў. Сітуацыя з домам па Румянцава, 3 іншая. Траціна гаспадароў у элітным доме — грамадзяне Расіі. Вядомых асобаў сярод іх нямнога, бадай, толькі рэжысёр Дзмітрый Астрахан.

Ён здымае большасць сваіх фільмаў у Беларусі.

Сярод уласнікаў жылля няма ні чыноўнікаў, ні вядомых у Беларусі бізнэсменаў. Кватэры былі размеркаваныя паміж замкнёным колам людзей.

Больш за палову кватэр зарэгістравана на жанчын. Падобная сітуацыя назіраецца і ў іншых элітных дамах Мінска.

Адзіная аб’ява аб продажы кватэры ў доме на Румянцава прапануе квадратны метр па $6700 — гэта амаль у чатыры разы даражэй, чым у сярэднім па горадзе.

Ягор Марціновіч