Беларусь — адзіная ў свеце краіна, дзе самы папулярны сайт — «УКантакце»

06.11.2014 / 23:29

Нашая краіна — пляма незвычайнага колеру на карце самых папулярных сайтаў паводле колькасці праглядаў у розных краінах свету. Яе склалі Марк Грэхам і Стэфана дэ Сабата з оксфардскага Інстытута інтэрнэта паводле статыстыкі Alexa.

Два самыя частыя колеры на карце, чырвоны і сіні, належаць адпаведна пошукавіку Google і сацсетцы Facebook.

Для параўнання даследчыкі прыводзяць прапарцыйную карту, на якой кожным тром шасцівугольнікам адпавядае адзін мільён інтэрнаўтаў.

Два самыя частыя колеры на карце, чырвоны і сіні, належаць адпаведна пошукавіку Google (дамінуе ў 62 краінах) і сацсетцы Facebook (галоўны сайт 50 краін). У краінах, дзе дамінуе Facebook, на другім месцы знаходзіцца ці Google (36 краін), ці відэахостынг Youtube (14 краін), які Google набыў у 2006 годзе.

Заўважны колер на карце — зялёны. Ён належыць Baidu, пошукавіку з Кітая, і ім адзначаныя Кітай і Паўднёвая Карэя (даследчыкі сумняюцца, што звесткі карэктныя — верагодна, у Паўднёвай Карэі больш папулярны мясцовы Naver). Амерыканскі пошукавік Yahoo! адзначыў сваім фіялетавым колерам толькі Японію і Тайвань.

Беларусь жа — адзіная ў свеце краіна, дзе самы папулярны сайт гэта расійская сацыяльная сетка «УКантакце».

Google і «Яндэкс» тут падзялілі між сабой аўдыторыю пашукавікоў амаль па-роўнаму ды занялі другое і трэцяе месцы. За імі ідуць Mail.ru і «Аднакласнікі». А Facebook толькі на дзявятым месцы.

Цікавейшая расфарбоўка і ў суседзяў Беларусі.

Украіна ды краіны Балтыі па-еўрапейску чырвоныя (Google). У Расіі дамінуе мясцовы пошукавік «Яндэкс» — магчыма, праз бітвы за аўдыторыю між сацсеткамі «УКантакце» і «Аднакласнікі». У Казахстане першае месца заняў паштавік Mail.ru з яго шматлікімі сэрвісамі.

Яшчэ адзін унікальны колер на карце належыць тэрыторыям Палесціны, дзе самы наведвальны сайт — сайт газеты «Al-Watan Voice».

Алесь Жарскі