Еўракамісар Фюле: Трэба пачаць перамовы аб свабодным гандлі паміж ЕС і МС

13.09.2014 / 20:34

Еўракамісар па пытаннях пашырэння ЕС і палітыцы суседства Штэфан Фюле лічыць неабходным пачаць перамовы па пагадненні аб свабодным гандлі паміж Мытным саюзам і Еўрасаюзам.

Пра гэта ён заявіў падчас 11-й штогадовай сустрэчы Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі ў Кіеве.

Падчас трохбаковых кансультацый РФ, Украіны і ЕС, што прайшлі ў Бруселі 12 верасня, бакі дамовіліся на год адтэрмінаваць імплементацыю пагаднення аб асацыяцыі ў частцы функцыянавання зоны свабоднага гандлю, да 31 снежня 2015 года.

«Надышоў час для палітыкаў Еўрапейскага саюза не толькі фрагменты гэтай мазаікі прапаноўваць, як гэта было зроблена ўчора ў Бруселі, — няхай гэта будзе цэласная карціна. Мы верым і ведаем, што гэта не павінна абмяжоўвацца на нас ці на нашых цяперашніх партнёрах», — прыводзіць РІА Новости выступленне Фюле падчас сустрэчы ў Кіеве.

«І я думаю, што нам усё-такі трэба падняць стаўкі ў гэтай гульні, надышоў час, як мне здаецца, для афіцыйных сувязяў на высокім узроўні супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза з Еўразійскім — Мытным — саюзам: Расіяй, Беларуссю, Казахстанам. Таксама ў хуткім часе Арменія ўвойдзе ў гульню. <…> Я думаю, што нам трэба пачаць перамовы па пагадненні аб свабодным гандлі паміж МС і ЕС», — заявіў еўракамісар.

Як паведамлялася, імплементацыя зоны свабоднага гандлю ў межах дагавора аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам адкладзена да 31 снежня 2015 года. Пра гэта, у прыватнасці, гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках перамоў міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна, камісара ЕС па пытаннях гандлю Карэла дэ Гюхта і міністра эканамічнага развіцця і гандлю Расіі Аляксея Улюкаева. Перамовы прайшлі 12 верасня ў Бруселі.