Жырыноўскі абвінаваціў СБУ ў забойствах кіроўцаў у Падмаскоўі

13.09.2014 / 11:58

Лідар партыі ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі абвінаваціў Службу бяспекі Украіны (СБУ) у забойствах на трасах Падмаскоўя. Пра гэта ён заявіў у эфіры радыёстанцыі «Говорит Москва».

На думку парламентарыя, Кіеў наўмысна засылае ў Расію прафесіяналаў-дыверсантаў, якія нападаюць на кіроўцаў. «Колькі людзей на дарогах гіне? Вось цяпер ужо 14 масквічоў забітыя на дарогах. І дзе забойцы? СБУ засылае. Гэта дзейнічаюць прафесіяналы-дыверсанты з Украіны. Яны помсцяць нам», — сказаў Жырыноўскі.

З вясны 2014 на ўчастку з 45-га па 85-ы кіламетр трасы М-4 «Дон» былі здзейсненыя чатыры забойствы. Злачынцы раскідвалі шыпы на дарозе і, калі кіроўцы спыняліся з праколатымі шынамі і выходзілі з аўтамабіля, расстрэльвалі іх ва ўпор. Першы напад адбыўся 3 мая, ахвярамі стала пажылая пара з Масквы.

Паводле неафіцыйных дадзеных, аператыўнікі расследуюць яшчэ некалькі падобных выпадкаў на іншых дарогах у Падмаскоўі. Існуе версія, паводле якой злачынцы расправіліся ўжо з 14 кіроўцамі і іх пасажырамі.