Паражэнне ракетай «зямля-паветра» стала асноўнай версіяй катастрофы Боінга-777 над Данбасам

12.09.2014 / 19:34

Камісія па расследаванні аварыі рэйса MH17 малайзійскіх авіяліній засяродзілася на версіі, што самалёт быў збіты ракетай «зямля-паветра».

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка галандскай пракуратуры Фрэда Вестэрбеке, які ўзначальвае міжнародную каманду па расследаванні трагедыі.

«Расследаванне засяродзілася на версіі, што самалёт быў збіты ракетай «зямля-паветра», — сказана ў паведамленні агенцтва.

Акрамя таго, эксперты выявілі 25 абломкаў металу ў целах загінулых і ў багажы, якія могуць дапамагчы вызначыць тып ракеты, якая збіла самалёт.

Раней галандская камісія па бяспецы палётаў у сваёй папярэдняй справаздачы заявіла, што самалёт упаў з-за паражэння вялікай колькасцю невялікіх «высокаэнергетычных» аб'ектаў знізу.