«Белавія» аднаўляе палёты ў Егіпет

30.09.2013 / 14:34

Нацыянальная авіякампанія «Белавія» адновіць выкананне чартарных рэйсаў у Егіпет у кастрычніку: 18 кастрычніка плануецца пачаць палёты ў Хургаду, а 20 кастрычніка — у Шарм-эль-Шэйх.

Сумеснае рашэнне з заказчыкам чартарных перавозак тураператарам «Тэз Тур» было прынята «ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў курортных раёнах Егіпта».

«Прыпыненне выканання рэйсаў было крайняй мерай, на якую нам і тураператару-заказчыку чартарных рэйсаў давялося пайсці, каб арганізаваць бяспеку грамадзян», — патлумачыў генеральны дырэктар РУП «Нацыянальная авіякампанія «Белавія» Анатоль Гусараў.

Чартарныя рэйсы ў Егіпет будуць выконвацца паветранымі суднамі Боінг-737/300.

МЗС Рэспублікі Беларусь 15 жніўня рэкамендаваў беларускім турыстам устрымацца ад наведвання Егіпта да нармалізацыі сітуацыі ў краіне. У канцы жніўня «Белавія» прыпыніла выкананне чартарных рэйсаў: у Хургаду — 30 жніўня і Шарм-аль-Шэйх — 27 жніўня.