Лукашанец: У школах даюць дастатковыя веды па беларускай мове

13.08.2013 / 15:17

Такое меркаванне сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, выказаў старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец.

«Сістэма сярэдняй адукацыі сёння дае дастатковыя веды па беларускай і рускай мовах, каб выкарыстоўваць іх паралельна», — падкрэсліў вучоны. Веданне беларусамі роднай мовы Аляксандр Лукашанец ацаніў як даволі высокае, таму неабходнасці адкрываць у краіне спецыяльныя курсы па беларускай мове ён не бачыць.

Спецыяліст лічыць, што большасць беларусаў з лёгкасцю загамоняць па-беларуску без спецыяльных курсаў, калі пачнуць часцей карыстацца роднай мовай ва ўжытку.