Шведскае пасольства адновіць дзейнасць: у Мінск прыедзе часовы павераны

Міністар замежных спраў Швецыі Карл Більт у сваім твітары паведаміў пра хуткае вяртанне шведскіх дыпламатаў у Мінск.

09.04.2013 / 15:23

«Пасля пэўных складанасцяў неўзабаве мы зноў накіруем часовага паверанага ў справах кіраваць нашым пасольствам у Мінск (Беларусь). Гэта добра для кожнага», — напісаў Більт.

Закрыццё шведскага пасольства ў Мінску звязана з несанкцыянаваным палётам у Беларусь некалькіх шведскіх грамадзян, якія правялі акцыю ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі 4 ліпеня 2012 г.

1 жніўня 2012 г. беларускія ўлады паведамілі Швецыю пра непадаўжэнне акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам пасольства пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі абвясціў пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. Шведскаму боку было рэкамендавана прыняць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска.

Паводле Хартыі'97