Пашпарт у сувязі са зменай полу ў 2012 г. атрымалі 5 чалавек

03.04.2013 / 14:13

Летась у Беларусі ў сувязі са змяненнем свайго полу новыя пашпарты атрымалі пяць чалавек.
Пра гэта паведамляе ўпраўленне інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Міністэрства ўнутраных спраў са спасылкай на начальніка бюро пашпартызацыі насельніцтва МУС Паўла Мацюка.
Паводле яго слоў, самая распаўсюджаная прычына замены пашпарта — выезд за мяжу; не менш актуальнай з’яўляецца непрыгоднасць для карыстання. Часцей за ўсё дакументы «церпяць» ад свойскіх жывёл, якія іх грызуць;
ад свавольства маленькіх дзяцей, а таксама ад саміх уладальнікаў дакументаў, якія неахайна адносяцца да іх, напрыклад, закідваючы іх у пральную машыну.

З 1996 года, калі пачалася выдача і абмен пашпартоў сучаснага ўзору, супрацоўнікамі бюро пашпартызацыі насельніцтва МУС падрыхтавана і надрукавана амаль 17,5 млн. пашпартоў. Апрача таго, да 2013 года выпушчана каля паўмільёна іншых персаніфікаваных дакументаў, такіх як від на жыхарства і праязны для асоб без грамадзянства з мэтай перасячэння мяжы.

На сёння ў Мінску ў сярэднім персаналізуецца больш як 17 тысяч пашпартоў. Штодзённа іх атрымліваюць прыкладна 850 чалавек, а штогод — каля 170 тысяч. Праўда, летась, як зазначыў Мацюк, гэта лічба дасягнула больш як 204 тысячы чалавек. «Гэтаму, відаць, садзейнічала мноства фактараў, у тым ліку дэмаграфічныя, міграцыйныя і працоўныя працэсы», — мяркуе прадстаўнік МУС.

Па аб’ектыўных прычынах у абласцях Беларусі выдадзена менш дакументаў, якія сведчаць асобу, чым у сталіцы. У 2012 годзе гэта лічба вар’іравалася ад 92 тысяч у Магілёве да 138 тысяч у Брэсце.