Ватыкан адмаўляе сувязі Папы Францішка з хунтай у 1970-я гады

15.03.2013 / 17:45

Ватыкан назваў паклёпам абвінавачванні ў тым, што новы Папа Францішак (Хорхе Марыё Бергольё) недастаткова зрабіў для таго, каб прадухіліць выкраданне і катаванні двух святароў ў часы ваеннай дыктатуры ў Аргенціне ў 1976–1983 гадах.

Прадстаўнік Ватыкана Федэрыка Ламбардзі заявіў, што да гэтага часу не было прадстаўлена ніводнага «пэўнага» і «праўдападобнага» доказу абвінавачванняў супраць Францішка.

Ламбардзі абвінаваціў левыя антыклерыкальныя сілы ў тым, што яны спрабуюць дыскрэдытаваць новага пантыфіка.

Як гаворыцца ў заяве Ватыкана, у часы так званай «Бруднай вайны» Бергольё спрабаваў абараніць людзей, якія знаходзіліся ў небяспецы, а пасля вяртання Аргенціны да дэмакратыі — спрыяў нацыянальнаму прымірэнню.