IT-кампанія EPAM Systems дасягнула рэкордных прыбыткаў

А колькасць ІТ-супрацоўнікаў у кампаніі — амаль 8500 чалавек.

01.03.2013 / 10:37

Аркадзь Добкін стварыў самую сучасную кампанію Беларусі.

Кампанія EPAM Systems апублікавала фінансавыя вынікі дзейнасці ў 2012 годзе. Выручка кампаніі летась склала $433,8 мільёна.
Для параўнання, пазалетась EPAM Systems меў выручку $334,5 мільёна.
Што да чыстага прыбытку, то ён дасягнуў $54,5 мільёна (пазалетась — $44,4 мільёна).
Чакаецца, што сёлета прыбытак павялічыцца на 12–15%.

Актывы кампаніі за год выраслі з $235,6 мільёна да $350,8 мільёна.

Колькасць ІТ-супрацоўнікаў склала 8495 чалавек у параўнанні з 6968 год таму.

EPAM Systems — найбуйнейшая праграмісцкая кампанія Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Яе заснавальнік і кіраўнік — беларус Аркадзь Добкін. Штаб-кватэра EPAM Systems знаходзіцца ў ЗША, аднак найбольшая колькасць супрацоўнікаў працуе ў Мінску, на тэрыторыі Парка высокіх тэхналогій.

Ягор Марціновіч