Аплата электраэнергіі па новых тарыфах пачнецца з 1 сакавіка

13.02.2013 / 11:49

Аплаціць электраэнергію па новых правілах з улікам уводу дыферэнцыраваных тарыфаў можна будзе з 1 сакавіка. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам намеснік генеральнага дырэктара па збыце энергіі РУП «Мінскэнерга» Юрый Мішук.

Па словах Юрыя Мішука, усе арганізацыі, якія прымаюць дыферэнцыраваную аплату электраэнергіі ў залежнасці ад аб’ёмаў яе спажывання, гатовыя да працы з 1 сакавіка. «У цяперашні час праводзіцца абкатка тэхнічных дэталяў сістэмы, якая дазваляе аўтаматычна вылічаць аб’ём спажывання электраэнергіі па новых правілах», — сказаў ён.

«Час пераходу са старой сістэмы на новую — з 1 па 10 сакавіка. Таму пры магчымасці рэкамендуецца аплаціць электраэнергію за люты з 10 па 25 сакавіка.
У выпадку аплаты з 1 па 10 сакавіка пасля будзе праведзены пераразлік», — растлумачыў ён.

Дыферэнцыраваная аплата насельніцтвам паслуг электра-і газазабеспячэння ў залежнасці ад аб’ёмаў іх спажывання пачала дзейнічаць у Беларусі з 1 лютага 2013 года. Плата за паслугі электразабеспячэння дыферэнцыраваная ў залежнасці ад месячных аб’ёмаў спажывання электрычнай энергіі абанентам (сям’ёй) незалежна ад колькасці зарэгістраваных грамадзян.

***

***