Кіроўцам самазвалаў на «Граніце» значна падвысілі заробкі

21.12.2012 / 15:48

Васіль, кіроўца самазвала на «Граніце», кажа, што зарабіў за месяц 15 мільёнаў. Аднак, заўважае ён, у гэтым павышэнні заробку ёсць і свае нюансы, бо плаціць зараз сталі за колькасць перавезенага каменю:

«Я атрымліваў 7–8, а за гэты месяц мне налічылі каля 15 мільёнаў. Аднак, тут як — хто возіць, той атрымоўвае. Раней нам за рамонт плацілі лепш — прэмію давалі. Хлопцы, што толькі ўладкаваліся і на старэнькіх БелАЗах працуюць, паатрымоўвалі толькі па 5–6 млн. А як яны рэйс той зробяць, калі ў іх БелАЗ выпрацаваў свой рэсурс?»

Рабочы кажа, што кіроўцы самазвалаў, якія перавезлі шмат каменю, зарабілі па 14–17 мільёнаў. Васіль упэўнены, што рост заробку на прадпрыемстве адбываецца найперш у выніку пратэсту працоўных:

«Гэта на 300% адыграла… Ведаеце, як яны баяцца зараз гэтага незалежнага прафсаюза? Як агню!
Пажартавалі былі хлопцы, што трэба па новаму выходзіць з прафсаюза, бо нешта там ім не спадабалася. Толькі сказалі між сабой — ужо начальства ведае і бяжыць да нас. Маўляў, што ў вас такое, мы вам усё зробім!»

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюза на «Граніце» Алег Стахаевіч таксама пагаджаецца з думкай, што пратэст змусіў падвышаць заробкі:

«На снежань 2011 года заробак БелАЗістаў быў 2 мільёны 700 тысяч — 3 мільёны 500 тысяч рублёў. Зараз мы прыйшлі да тых вынікаў, якія хацелі б мець, я думаю, на ўсіх прадпрыемствах Беларусі».

Алег Стахаевіч кажа, што з ростам аплаты працы дасягнутая адна з мэтаў пратэсту.

Аднак, ён мае засцярогі, што ў выпадку поўнага знішчэння працоўнага руху сітуацыя з памерам заробку можа змяніцца.

***