Старшынёй палаты прадстаўнікоў пятага склікання абраны Уладзімір Андрэйчанка, які займаў гэтую пасаду ў ніжняй палаце мінулага склікання.
За яго абранне прагаласавалі 105 з 108 дэпутатаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, тры бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.
Андрэйчанка быў адзіным прэтэндэнтам на пасаду старшыні палаты прадстаўнікоў.
Яго кандыдатуру вылучыў дэпутат Сяргей Канопліч, матывуючы тым, што ён мае «багаты вопыт парламентарызму» і «шмат зрабіў для прасоўвання палаты прадстаўнікоў на міжнароднай арэне».
«На сустрэчах з пасламі замежных краін ён паказаў сябе дасведчаным спелым палітыкам, які ўмела прасоўвае інтарэсы Беларусі», — сказаў Канопліч.

Сам Андрэйчанка, выступаючы перад дэпутатамі, адзначыў, што перад новым складам парламента стаяць «маштабныя і значныя задачы».

У прыватнасці, трэба будзе «дэталёва вывучыць» практыку прымянення выбарчага заканадаўства з улікам мінулых выбараў і ўнесці ў яго карэкціроўкі.

Гаворачы аб міжнароднай дзейнасці, Андрэйчанка падкрэсліў, што неабходна «спыняць усе спробы размаўляць з намі сілай». Таксама ён адзначыў неабходнасць разгледзець магчымасць арганізацыі «прамых трансляцый парламенцкіх дыскусій», паведамляе БелаПАН.

    Уладзімір Андрэйчанка нарадзіўся ў 1949 г. у в Мар’янава Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут, у 1988 г. — Мінскую вышэйшую партыйную школу.
    З 1970 працаваў у Лёзненскім раёне, прайшоўшы шлях ад старшага агранома райсельгастэхнікі да старшыні райвыканкама. У 1987 — 1991 гг. — першы сакратар Верхнядзвінскага райкама КПБ.
    Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання.
    З кастрычніка 1991 г. па снежань 1991 працаваў першым намеснікам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і забеспячэнні насельніцтва харчаваннем Віцебскага аблвыканкама, са снежня 1991 г. па лістапад 1994 г. — намеснікам старшыні, старшынёй камітэта па сельскай гаспадарцы і забеспячэнні насельніцтва харчаваннем Віцебскага аблвыканкама.
    З лістапада 1994 г. па кастрычнік 2008 г. — старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Быў членам савета рэспублікі першага, другога, трэцяга скліканняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?