Аляксандр Лукашэнка даручыў да верасня падрыхтаваць прапановы па развіццю ў Беларусі венчурнага фінансавання
Гэта пытанне абмяркоўвалася 19 чэрвеня ў час рабочай сустрэчы з дырэктарам адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій Валерыем Цапкалам.

Лукашэнку праінфармавалі аб развіцці Парку высокіх тэхналогій. Сёлета прырост экспарту і аб’ём распрацоўкі камп’ютарных праграм вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года на 40%.

Асноўная ўвага ў ходзе рабочай сустрэчы была ўдзелена стварэнню новых магчымасцей для развіцця ПВТ. Гэта найперш распрацоўка прававых механізмаў, якія даюць магчымасць ствараць прадукты ўнутры парку, паколькі дзеючыя нормы ў большай ступені арыентаваны на мадэль распрацоўкі заказнога праграмнага забеспячэння. «У ПВТ цяпер працуюць амаль 12 тыс. праграмістаў. У кампаній ужо сёння ёсць рэсурсы, якія яны могуць выкарыстоўваць для распрацоўкі ўласнага прадукту. Але для гэтага патрэбны фінансавыя інструменты. І асноўным фінансавым інструментам з’яўляецца венчурнае фінансаванне», — адзначыў Валерый Цапкала.

Аднак, паводле яго слоў, у існуючым заканадаўстве ёсць абмежаванні адносна магчымасці банкаў і прадпрыемстваў укладваць грошы ў рызыкоўныя распрацоўкі без гарантыі забяспечанасці вяртання фінансавых сродкаў.
«Зразумела, усё гэта патрабуе ўдасканалення беларускага заканадаўства. Бо без венчурнага фінансавання складана разлічваць на паспяховае развіццё прадуктовай мадэлі», — лічыць дырэктар адміністрацыі ПВТ.

Аляксандр Лукашэнка даў адпаведныя даручэнні. Да верасня павінны быць падрыхтаваны прапановы па змяненнях у заканадаўстве, якія садзейнічалі б развіццю венчурнага фінансавання. Хутчэй за ўсё, гэта будзе комплексны дакумент, які дасць магчымасць зняць некаторыя перашкоды і абмежаванні ў гэтай сферы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?