Набыў моц прысуд у дачыненні да трох жыхароў Лунінецкага раёна і двух жыхароў Слуцка за ўчыненне крадзяжу ў асабліва буйным памеры.

Як паведаміў намеснік начальніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Буры, у ноч на 7 лістапада 2011 года

асуджаныя прыехалі на двух мікрааўтобусах і адным мінівэне да магазіна ў вёсцы Церабень Пінскага раёна.

Спачатку яны адключылі святло ў гандлёвым аб’екце, каб не спрацавала сігналізацыя, затым узламалі ўваходныя дзверы магазіна, праніклі туды і скралі тавары на 49 млн. рублёў.

Злодзеі скралі мікрахвалевую печ, пральную машыну-аўтамат, прадукты харчавання, алкагольныя вырабы, цыгарэты, каструлі, пасцельную бялізну, а таксама маразільнік і халадзільнік, што выкарыстоўваліся ў якасці гандлёвага абсталявання. Украдзенае змоўшчыкі падзялілі паміж сабой.

«Крадзеж быў учынены па папярэдняй змове. Злачынцы загадзя аб’ехалі некалькі сельскіх населеных пунктаў раёна і выбралі «прыдатны магазін», — адзначыў Буры.

Падчас расследавання крымінальнай справы былі ўстаноўлены ўсе пяцёра злачынцаў.

21 сакавіка 2012 года суд Пінскага раёна і горады Пінска прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 4 арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж групай асоб у асабліва буйным памеры). 36-гадовы непрацуючы жыхар Лунінецкага раёна, раней судзімы за замах на крадзеж, прыгавораны да 3 гадоў 7 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

35-гадовы грузчык аднаго з прыватных прадпрыемстваў (таксама жыхар Лунінецкага раёна), 42-гадовая маляр і 53-гадовы вартаўнік (абодва са Слуцка), а таксама 20-гадовы жыхар Лунінца, навучэнец аднаго з пінскіх каледжаў, прыгавораныя судом да трох гадоў пазбаўлення волі кожны з адтэрміноўкай выканання пакарання (тром першым — на тры гады, навучэнцу каледжа — на два гады).

Паводле прыгавору суда ва ўсіх пецярых канфіскавана маёмасць.

Пры вынясенні прыгавору суд улічыў, што яны да разгляду справы пакрылі Пінскаму райспажыўтаварыству, якому належыць магазін, нанесены ўрон у поўным аб’ёме.

22 мая судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула прыгавор першай інстанцыі без змянення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?